Среда, 19 апреля 2006 г.
№ 72 (4009)

Каб не давала «асечкi»…

Мiкалай ДАВIДОВIЧ, “Р”

Не бывае планёркi, каб старшыня Бабруйскага гарвыканкома Мiхаiл Бандарэнка не загаварыў пра тое, як вядзецца разгляд скаргаў грамадзян. Калi што не так – усыпле, будзь здароў, яшчэ i пiсанiну асобных чыноўнiкаў выставiць напаказ. А гэта i сапраўды “шэдэўры” эпiсталярнага жанру: “У сувязi з тым, што не знаходзiцца магчымасцей перасялення жыхароў дома, рамонт яго мы не можам правесцi”, “Вырашэнне вашага пытання адкладваецца на пачатак цi канец наступнага года...” 

— Паважаныя, — звяртае ўвагу, — не за аўтаручку трэба хапацца, а думаць, як чалавеку дапамагчы. Лягчэй за ўсё – пiсулю ў адказ, а што яна дасць? 

Да чаго дадумалiся чыноўнiкi: дом аднаго жыхара, якi часова адсутнiчаў, загадалi знесцi, той i правоў не можа знайсцi. цэлая група работнiкаў фабрыкi з-за таго, што ўкралi бухгалтарскую дакументацыю, не можа атрымлiваць у поўным аб’ёме пенсiю – i гэта нiкога не хвалюе. жанчына, якой “перайменавалi” iмя па бацьку, тры гады судзiлася, каб яго аднавiць... 

Цi вось яшчэ характэрны прыклад. Па вулiцы Батава, што ў 6-м мiкрараёне, быў склад райспажыўтаварыства. Раптам яго пераабсталявалi пад магазiн (патрэбен ён тут цi не – гэта ўжо iншая справа). I замест таго, каб падключыцца да гарадскiх цепласетак, устанавiлi паравое ацяпленне, печку-кацёл з выхадной трубой. I давай курадымiць... А гэта ж у некалькiх метрах ад жылых  дамоў, дзетсада. Каму падабаецца? Вось i звярнулiся да кiраўнiкоў гарадской экалагiчнай службы. Тыя хутка адрэагавалi: загадчыцы магазiна – штраф: “Зiма, гандлёвую кропку закрыць не можам, але потым за яе возьмемся!” Як брацца-пабрацца, дык i год прайшоў, а справа – нi з месца, атрымлiваецца халасты стрэл... 

Вось тут i хацелася б запытацца: ад чаго ўсё гэта iдзе? Ад безадказнасцi, фармалiзму, якi працяў наша жыццё. Галоўнае не справа, а паперы, уменне трымаць справаздачу. Чалавек як бы застаўся за бортам. Ён – сам па сабе, а мы – самi па сабе. Утварылася бюракратычная праслойка, да якой цяжка падступiцца. “А што да iх iсцi? — нехта ўголас выгукне. — Марная справа...” 

А колькi мне, журналiсту, давядзецца сутыкацца з праявамi гэтага ж самага бюракратызму: ты iншага цiснеш, а ён выкручваецца: заўтра, паслязаўтра... Кажуць, што работнiк някепскi. Толькi мала ў гэта верыцца, бо чалавек,  якi не ўмее трымаць слова, не праяўляе клопатаў пра свой калектыў, не можа як належыць i справу весцi. Рана цi позна такога распазнаюць, i ён сыдзе з арэны. Такi кiраўнiк – учарашнi дзень... 

Хацелася б выказацца i ў адрас галоўнага органа ўлады горада. Ён павiнен уяўляць сабой узор служэння абранай справе, людзям. Дзесяць разоў праверыць, а потым прымаць рашэнне. На жаль, у пачатку дзевяностых гадоў мiнулага стагоддзя, ды i пазней, не заўсёды гэта патрабаванне выконвалася... Вунь “пасадзiлi” аўтазаправачную ледзь не ў цэнтры горада, людзi да гэтага часу скардзяцца, звярталiся ў карэспандэнцкi пункт “Р”... Цi вось прыватны магазiн на скрыжаваннi праспекта Будаўнiкоў i вулiцы Батава ўзвялi па ўстарэлым праекце: кандэнсатары, вентылятары – пад самыя вокны жылога дома. Не даюць спакою нi днём, нi ноччу. Пажылыя людзi, маладыя мамы звярталiся да гаспадара магазiна, той гаварыць не хоча, паказвае рашэнне гарвыканкома. I вось што хочаш, тое i рабi...

А колькi такiх прыкладаў... Трэба iх максiмальна зменшыць. Каб i зусiм не было. Гаворка iдзе пра аўтарытэт мясцовых органаў улады. 

Тым больш кiраўнiк нашай краiны так ставiць пытанне: дзяржава ж для чалавека, а не наадварот. Па ўсiм адчуваецца, ён моцна ўзяўся за гэту справу. I наўрад цi адпусцiць. Гэта ўсiм трэба зразумець. I хутчэй трэба паварочвацца да чалавека. Каб ён iшоў да чыноўнiка i вяртаўся ад яго з радасцю. Палепшацца адносiны да чалавека – палепшыцца “клiмат” у грамадстве. Мы зусiм па-iншаму адчуем жыццё! 

Дык што, шаноўнае чыноўнiцтва, будзем перабудоўвацца? Будзем, нiкуды ад гэтага не падзецца! Iнакш падзенуць куды-небудзь нас...