Суббота, 09 июня 2007 г.
№ 105 (4284)

Тры бочкi скарбаў

Палiна КАНОГА, «Р»

Ракаўскi  чарадзей  Фелiкс  Янушкевiч  пакiнуў  Мiнск  i  вярнуўся  на  малую  радзiму, каб  спынiць  час

Пра нетыповага жыхара мястэчка Ракаў, што пад Мiнскам, я ведала даўно. Аб iм не раз пiсала прэса, а мае сябры паспелi ўжо не аднойчы адпачыць у сядзiбе жывапiсца Фелiкса Янушкевiча. Гасцiннасць гаспадара, унiкальную мастацкую галерэю, цудоўную лазню лепш адзiн раз пабачыць, чым некалькi разоў пачуць пра гэта. А падарожжа да ракаўскага чарадзея становiцца больш чым службовай камандзiроўкай... 

Сустракае ўсiх гасцей спадар Янушкевiч трохлiтровай бутэлькай “ракаўкi” i вэнджанымi прысмакамi – вяндлiнай. Кажа, што такая гатавалася ў кожнай ракаўскай печы-вяндлярнi. 

— Да 1939 года наша вяндлiна натуральна адпраўлялася на Захад – у Дрэздэн, Берлiн, Лондан. У Парыжы яе таксама елi, — расказвае жывапiсец. – А тэхналогiя яе прыгатавання захоўваецца ў Ракаве на працягу 300 гадоў. Мяса для вяндлiны павiнна быць свежым, яго нельга трымаць у халадзiльнiку. 

Беларускiя прысмакi – абавязковы пункт для ўсiх наведвальнiкаў.  А iх у музей-сядзiбу прыязджае кожны дзень вялiкая колькасць. Па кнiзе водгукаў можна прасачыць, хто i адкуль прыехаў. Ёсць сярод турыстаў японцы, кiтайцы, амерыканцы, iндусы,  немцы, iтальянцы. Кожны з iх знаходзiць  тут нешта асаблiвае i незвычайнае. А здзiўляе i захапляе ў Янушкевiча амаль кожная рэч. 

Напрыклад, бронзавы сабака — дакладная копiя такога, як у Несвiжскiм замку. Выканаў яе брат Фелiкса знакамiты скульптар Валяр’ян Янушкевiч. Бронзавы князь Вiтаўт каля самага дома – таксама ягоная работа. Увогуле, усё ў сядзiбе пабудавана i сабрана рукамi братоў. 

Гаспадар прызнаецца, што яго галоўная мэта – “пiярыць” не сельскi турызм, якiм сёння ўжо мала каго здзiвiш, а беларускае мастацтва. 

— Выехаць паесцi ў лес можа кожны, а вось далучыцца да высокага, да прыгажосцi i старадаўняй гiсторыi  мы не заўсёды паспяваем. Таму спачатку праводзiм экскурсiю па галерэi,  а хадзiць там можна бясконца, — кажа Фелiкс Янушкевiч. – Ну i адпачываем добра: стол накрыты ўвесь дзень, а ўвечары лазня абавязкова. Пасля яе звычайна гасцей на фiласофiю цягне, спаць кладуцца толькi пад ранiцу. 

“Галерэя Янушкевiча” – адзiная ў краiне прыватная галерэя персанальных мастакоў.  Гэта унiкальная калекцыя, у якой ёсць усё, па чым можна вывучаць беларускую гiсторыю. Галоўная асаблiвасць музея – экспанаты можна не проста разглядваць, да iх можна дакрануцца, патрымаць у руках, прымерыць на сябе. 

Ёсць тут самая вялiкая ў Еўропе калекцыя керамiкi  (амаль 2000 прадметаў), ёсць фрагменты слуцкiх паясоў, старыя унiкальныя метрыкi i кнiгi запiсаў, дыпломы, п’есы, карцiны, iконы, посуд, адзенне, кантрабандысцкiя даляры 1936 года... 

У кожнага экспаната – свая незвычайная гiсторыя. Так, напрыклад, захоўваюцца ў Янушкевiча вельмi старыя партрэты цара Мiкалая II i Аляксандры Фёдараўны. Мастак расказвае, што знайшоў iх закуранымi, намертва прыбiтымi над ложкам у бабулькi, якая паклiкала яго рамантаваць халадзiльнiк. 

“Ноутбук” Адама Мiцкевiча – сапраўдны дарожны сакрэтнiк – адзiн з рарытэтных скарбаў галерэi. Фелiкс Янушкевiч кажа, што такiя былi ў Пушкiна, Байрана, Шылера. А вось сакрэтнiк Мiцкевiча захоўваецца ў сям’i з таго часу, як паэт памёр. 

Сярод тысяч экспанатаў можна хадзiць бясконца. Ад iх вее старажытнасцю, цяплом мiнулых гадоў. А ты стаiш у галерыi i спрабуеш зразумець, як у век камп’ютэрных i камунiкацыйных тэхналогiй атрымалася спынiць час... 

Родны Ракаў Фелiкс Янушкевiч называе сваiм гняздом, якое б не прамяняў ён нi на што. Менавiта тут жы-лi яго продкi па мацярынскай лiнii. Старажытны род меў i свой герб, дарэчы, самы любiмы ў беларускай шляхты – падкова з двума крыжамi. Зараз гэты герб у Фелiкса на сярэбраным пярсцёнку. З гэтага роду паходзiць Аляксандр Грыбаедаў. Тут Янушкевiч дадае: “Горе от ума” мог напiсаць толькi нармальны ракаўскi хлопец!” 

Любоў да малой радзiмы праяўляецца ў гаспадара нават у любовi да ... могiлак. “Там кожны камень – мой сваяк”, – кажа мастак. Прызнаецца, што, правучыўшыся 20 гадоў, зразумеў, што павiнен вярнуцца ў Ракаў, у хату, дзе нарадзiўся. Выкiнуў гадзiннiк i вярнуўся. I стаў абсалютна шчаслiвым. 

Гiсторыю мястэчка Янушкевiч ведае выдатна i гатоў часамi расказваць незвычайныя гiстарычныя факты. Напрыклад, да вайны Ракаў называлi беларускiм Эльдарада – залатой сталiцай кантрабандыстаў. Праз Ракаў пралягае самы кароткi шлях на Вiльню, таму ў 30-я гады мiнулага стагоддзя менавiта праз Ракаў перапраўлялi грошы ў еўрапейскiя банкi. Да 1939 года ў iм было 134 магазiны, 96 (!) рэстаранаў. У казiно там гулялi не на капейкi, а на цэлыя мяхi золата. Калi ж пачалася вайна i немцы выдалi загад здаваць усю маёмасць, жыхары мястэчка пачалi запайваць свае скарбы ў медныя бочкi. У сваiм агародзе, напрыклад, Фелiкс Янушкевiч выкапаў такiх аж тры.

— Там усё было: ад губной памады да начных гаршкоў. А было i так, што захавае гаспадыня золата, закапае дзе-небудзь, а потым забудзецца, дзе тое шукаць. Так што ў ракаўскай зямлi многа скарбаў.