Суббота, 09 июня 2007 г.
№ 105 (4284)

Хатка на зяленых далонях

Мiхаiл ШЫМАНСКI, «Р»

Ах, якi ж дзiвосны гэты куточак зямлi!

Ля самага лесу – невялiчкi ўтульны хутарок, крыху далей – цiхая лагодная вёсачка. Але ж не яна будзiць у маёй душы трапяткiя пачуццi, не яна настройвае на фiласофскi лад, выклiкае тамленне... 

Хутарок – вось дзе я бачу, адчуваю, успрымаю сваiм сэрцам i розумам незвычайную прыгажосць прыроды, поўную простай i тым больш хвалюючай i жаданай паэтычнасцi. Стаiць тут невялiчкая, вельмi зграбная хатка, з пафарбаванымi сценамi, падпраўленым дахам. Тут жа дзве прыбудовы. Добра дагледжаны агарод, на якiм летам перамешаны водар i кропу, i цыбулi, i агуркоў, i мяты... 

Яшчэ каля хаткi – дзве старыя задуменныя бярозы i пышны клён, гэтыя вечныя спадарожнiкi нашых беларускiх вёсак. Яны, бы жывыя сведкi, берагуць памяць нашых продкаў. 

I ўся гэта мiлая сэрцу сядзiба з трох бакоў атулена старым лесам. Велiчныя сосны, дзе-нiдзе магутныя дубы, маўклiвыя, па-свойму загадкавыя ялiны. Праўда, да самой сядзiбы лес не падступае, вакол яе ляжыць нешырокая палоска поплава, якi летам быццам абрус, сатканы прыродай з розных кветак i траў.

Словам, хатка гэтая – бы на зялёных далонях добрай i ласкавай зямлi. Векавечны ж лес беражэ яе ад злых вятроў. 

Першы раз адкрыў для сябе гэты хутарок вось як. Ранняй вясною iшоў у вёску i не мог не запаволiць свой крок, калi нечакана ўбачыў перад сабою такую iдылiю. Спынiўся, каб палюбавацца жывым малюнкам на ўлоннi лесу. Быў надвячорак, усё наваколле ляжала спакойна i неяк задум-лiва, быццам цешылася першым, яшчэ не надта смелым веснавым цяплом i ласкай. 

З хаткi выйшла бабулька, накiравалася да мяне. Я павiтаўся з ёю першым: 

— Добры дзень, бабуля. Вы тут жывяце? 

— Ага, тут, каля лесу. 

— Прыгожае ў вас месца. 

— Людзi кажуць, што так. I мне любае. Месца мой мужык выбiраў, ён усё жыццё ў леснiках хадзiў. Вось i паставiў нашу хатку менавiта тут, дзе i яму, i мне спадабалася. Няма цяпер мужыка, сем гадоў назад, як памёр, i я ўжо старая, нямоглая. 

Тады ж я i пазнаёмiўся з гаспадыняй хутарка. Звалi яе Алена Пятроўна, родам з суседняй вёскi. Хлопец Мiкола, якi калiсьцi паланiў дзявочую душу, быў з самай беднай сям’i ў вёсцы. Дый бацькi Алены мелi столькi ўласнай зямлi, што, як жартавалi вяскоўцы, каню не было як развярнуцца, часта ступаў на суседскую палоску. Таму, перш чым ажанiцца, i падаўся Мiкола ў леснiкi. Пры тым лесе, якi даглядаў, i аблюбаваў гэтую мясцiнку для сваёй ся-дзiбы. Так i жыла леснiковая сям’я тут доўгiя гады ў добрай згодзе i любовi. Нарадзiлi i выхавалi Мiкола i Алена чатырох дачок i сына. 

— I дзе яны жывуць? – пытаюся я ў бабулi. 

— Тры дачкi ў вёсцы, там, дзе калгасны цэнтр, адна дачка i сын – у Мiнску. 

— А што, тут нiхто не застаўся? 

— Не, сумнавата iм тут. Да таго ж зiмой, каб цяпло мець, трэба печ тапiць, а гэта дровы. I ваду насiць з калодзежа. Там жа, у калгасным цэнтры, цяпер i газ, i вада, i цёпла ў iх хаце. Добра, галава нi пра што не балiць. 

— Вы на зiму да дзяцей перабi-раецеся? 

— Навошта? Там мне няма да чаго свае рукi прыкласцi, а я ж не магу без работы. Тут жа, куды нi павярнiся, усюды нейкi клопат, нешта цябе чакае. То печ трэба пратапiць, то курачак накармiць, пра козачку таксама не забыць. Цэлая гаспадарка тут, якраз па маiх гадах i сiлах. Зiмовы ранак ледзь займецца, пройдзе крыху часу, глядзiш – лес ужо рыхтуецца да ночы, i ў маёй хатцы прыцемкi куточкi запаўняюць. Так i мiнае божы дзень. 

Дык гэта зiмою. А вясною толькi б ногi паспявалi. Сыдзе з зямелькi снег, крыху сагрэе яе ласкавае сонейка – я ўжо на сваiм агародзе корпаюся. Цыбульку першую пасаджу ды градачку плёнкай утулю, каб хутчэй прарасла. Кропчык пасею. На дварэ прыбяру, каб усюды чысценька, каб людзi мяне не папракалi. Зноў жа сваю козачку на лужок, на першую свежую траўку кожны дзень выводжу пасвiць... 

— Трэба, каб i дзецi дапамагалi. 

— А яны i памагаюць, няма чаго грашыць. I дзецi, i ўнукi. Вясной як панаедуць у выхадныя, дык за два днi, глядзiш, i ператрасуць, перакапаюць увесь мой агарод. Я i кажу iм: пакiньце мне градачку цi дзве, я таксама хачу родную зямельку-кармiцельку адчуць. Летам жа дык у мяне наогул весела: двое гарадскiх унукаў свае канiкулы тут бавяць, зяць з усёй сваёй сям’ёй кожныя выхадныя з Мiнска прыязджае сена для маёй козачкi назапасiць. Ён у мiлiцыi працуе, хутка канец службы, кажа, што перабярэцца сюды з Мiнска, будзе пастаянна жыць. Ён хаця i гарадскi, але ж вельмi любiць лес. А тут, бачыш, столькi лесу i грыбоў багата. Так i жыву тут, усiм задаволена i нi на што не скарджуся, мне ўжо пад восемдзесят гадкоў. Бачу, мой хутарок i вашаму сэрцу лагодны. Але ж вы з горада, там у вас зусiм iншыя iнтарэсы... 

— Цяпер жыву ў горадзе, а нарадзiўся i вырас у вёсцы. Усё маё дзяцiнства звязана з лесам, таму i цягнуся да яго заўсёды. 

— Так, так, — задуменна гаворыць бабулька, i я адчуваю, што зараз яна вельмi мяне разумее. – У горадзе вельмi тлумна. Ну а калi вы з вёскi, як кажаце, амаль з лесу выйшлi, то вам гэты куточак, веру, да шчырай спадобы. Ах, чым жа вас пачаставаць? Пачакайце-пачакайце, зараз яек вынесу. 

Бабулька хуценька крочыць у хатку i праз некалькi хвiлiн вяртаецца з кошыкам яек. 

— Давайце свой пакецiк, перакладу яйкi туды. Яны свежанькiя, смачныя, жаўточкi бы вось гэтыя адуванчыкi на мяжы. Ешце на здароўечка. А летам пачастую вас агурчыкамi, кропам са свайго агарода. Тут у мяне расце ўсё, бо зямелька надта добрая... 

Так на гэтым хутары i гаспадарыць добрая Алена Пятроўна, для якой усё, што бачыць навокал i чаму душэўна радуецца, любiць i даражыць, i ёсць яе чалавечае шчасце. У гэтым яе жыццёвая мудрасць i сiла.

Дай Божа, каб на нашай зямлi было больш такiх хатак i такiх бабулек...