«Галоўнае, каб невялiкi твор быў выбуховым»
Будучы паэт i гумарыст Павел Саковiч часцяком зайздросцiў, калi чуў рогат з пакояў «Вожыка»
Сярод некалькiх соцень сучасных прафесiйных беларускiх пiсьменнiкаў гумарыстаў не так i многа — дзесяткi, можа, два-тры, не больш. У лiку iх i Павел Саковiч (на здымку) — вядомы аўтар вершаў-жартаў, пародый, эпiграм i супрацоўнiк знакамiтага «Вожыка», адзiнага дзяржаўнага часопiса сатыры i гумару.
— Павел Паўлавiч, на вашу думку, цi актуальны сёння гумарыстычны жанр у беларускай лiтаратуры?
— Думаю, ён быў i ёсць актуальны. Бо найперш гумар i сатыра iснуюць не самi па сабе, у чыстым лiтаратурным выглядзе, а нараджаюцца ад жыцця.
— Ад часу стварэння часопiса «Вожык» у iм працавалi i з iм супрацоўнiчалi многiя вядомыя пiсьменнiкi, пачынаючы ад прызнаных класiкаў. Цi хапае сёння аўтараў?
— Сапраўды, сярод пiсьменнiкаў i мастакоў ва ўсе часы лiчылася прэстыжным працаваць або друкавацца ў «Вожыку». Так яно вядзецца i сёння. Разам з тым старонкi часопiса адкрыты i для аўтараў-аматараў. Нам часта дасылаюць свае карэспандэнцыi жыхары райцэнтраў, вяскоўцы, многiя з iх друкуюцца. Дарэчы, добра папоўнiўся рэдакцыйны партфель пасля лiтаратурнага конкурсу, прысвечанага 110-годдзю Кандрата Крапiвы, першага рэдактара «Вожыка». Пад рубрыкай «Бач, як пiша наш чытач» з’явiлася нямала новых iмёнаў аўтараў.
— Якiя тэмы сёння найбольш запатрабаваны ў гумарыстаў?
— З гэтым iснуе пэўная праблема. На жаль, кола тэм у аўтараў вузкаватае, прэвалюе бытавая тэматыка i тэма вечнай барацьбы з п’янствам. Не хапае пакуль тэматыкi сацыяльнай, важкай, грамадска значнай.
— Кажуць, былi гады, калi часопiс «Вожык» меў такую папулярнасць, што яго можна было сустрэць у кожнай начальнiцкай прыёмнай, у цырульнях, бальнiцах, цягнiках i нават лазнях...
— Тыраж даходзiў да чатырохсот тысяч экземпляраў! I гэта не жарт, а чыстая праўда. Зараз, на жаль, ён куды меншы. Хоць «Вожык» застаецца, бадай, самым дэмакратычным выданнем i па кошце: цана аднаго нумара — 2400 рублёў. Часы змянiлiся, але «Вожык» i яго стваральнiкi не губляюць аптымiзму. Сёння мы самi iдзём да патэнцыяльнага чытача, падпiсчыка, iмкнёмся яго зацiкавiць. Шмат ездзiм па рэспублiцы, наладжваем трывалыя сувязi, выступаем у працоўных, студэнцкiх, вучнёўскiх калектывах. Усе, хто працуе ў «Вожыку», людзi творчыя, прафесiяналы — галоўны рэдактар, празаiк-публiцыст Уладзiмiр Саламаха, пiсьменнiкi Казiмiр Камейша, Юлiя Зарэцкая, мастакi Аляксандр Каршакевiч, Алег Гуцол. Таму сумна на сустрэчах з чытачамi не бывае, а сяброў у «Вожыка» пасля дабаўляецца.
— Цi кожны прафесiйны паэт або празаiк можа напiсаць гумарыстычны твор?
— Напэўна, не кожны... Напрыклад, многiя лiтаратары грашаць такiм жанрам, як вiншаваннi родным, блiзкiм i сябрам, — гэткая паэзiя па заказе. Але гумар прафесiйны — гэта iншае. «Словесной руды», як класiк казаў, трэба нямала перапрацаваць, каб нарадзiць нешта смешнае. Тут патрэбны не толькi адпаведныя задаткi, але i назiральнае вока, i ўменне знайсцi трапныя лiтаратурныя фармулiроўкi, каб невялiкi па памерах твор быў жывым, цiкавым i, галоўнае, выбуховым.
— Як гумарыстычны накiрунак вызначыўся ў вашым жыццi?
— Пачыналася яшчэ са школы, калi я на ўроку выдаваў нейкiя рыфмаваныя кароценькiя жарты. За iх мяне iншы раз выганялi з урока цi ставiлi ў кут, але ў цэлым адносiлiся да маiх «перлаў» з гумарам, ахвоты гэтым займацца не адбiвалi. Акрамя таго, я рос якраз у той час, якi мы вышэй згадвалi, калi «Вожык» панаваў паўсюдна. Студэнтам Белдзяржунiверсiтэта дасылаў у часопiс свае першыя лiтаратурныя спробы, у iм жа пачаў друкавацца. А калi працаваў у газеце «Чырвоная змена», рэдакцыя «Вожыка» была ў тым жа будынку праз калiдор. Я часцяком зайздросцiў, калi чуў выбух рогату ў нейкiм з пакояў. Так хацелася далучыцца да тых людзей, пазнаёмiцца. Неяк адважыўся, сабраў нейкую драбязу i аднёс. Творы прынялi, мяне падтрымалi. Так пад творчым наглядам Уладзiмiра Корзуна (ён тады быў галоўным рэдактарам) i Янкi Сiпакова пачаў сiстэматычна друкавацца. Першая кнiжка сатыры выйшла ў выдавецтве «Мастацкая лiтаратура». Рэкамендавалi яе да друку Iван Шамякiн i Аляксей Кулакоўскi, бо па тым часе дэбютаваць маладому з гэтым жанрам было рэдкасцю, тым больш што членам пiсьменнiцкага саюза я яшчэ не быў. Сёння я ганаруся, што сярод дзесятка маiх кнiжак — дзiцячых, лiрыкi, прозы — чатыры зборнiкi менавiта сатыра i гумар.
— Акрамя таго, вы першы лаўрэат Лiтаратурнай прэмii iмя Кандрата Крапiвы.
— На сённяшнi дзень, наколькi мне вядома, гэта адзiная ў краiне прэмiя ў намiнацыi гумару i сатыры. У 2000 годзе яна была заснавана па iнiцыятыве рэдакцыi «Вожыка» i пры падтрымцы Мiнiстэрства iнфармацыi. На гэты час разам са мной ужо ёсць пяць яе лаўрэатаў, сярод якiх лiтаратары Валерый Стралко, Мiхась Мiрановiч i мастакi-карыкатурысты Сяргей Волкаў i Мiкола Гiргель.
— У кожнага народа свой менталiтэт i свой гумар. Адметнасць беларускага — у чым?
— Я лiчу, што беларускi гумар, асаблiва народны, вельмi трапны, востры, колкi, але не абразлiвы для асобы, на якую ён скiраваны.
— А як вы ставiцеся да гумару, якi актыўна сёння культывуе тэлебачанне?
— Уласна я не магу яго доўга трываць. Бо ў большасцi гэта штучна, надумана, адарвана ад жыцця, безгустоўна i часцей за ўсё пошла. Так што стаўленне крытычнае. Змагацца ж з такiмi праявамi, вiдаць, нам, прафесiйным гумарыстам, варта толькi адным сродкам — насуперак татальнай бульварнай камедыйнасцi паляпшаць якасць свайго гумарыстычнага радка.