У Гарадоцкiм раёне шукаюць нашчадкаў i патрабуюць прывесцi «спадчыну» ў цывiлiзаваны выгляд
Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь № 70 «Аб мерах па ўпарадкаванню ўлiку i скарачэнню колькасцi пустуючых i трухлявых дамоў з гаспадарчымi i iншымi пабудовамi ў сельскай мясцовасцi» неадкладна патрабуе рэалiзацыi. На фоне восеньскай шэрасцi драўляныя «iнвалiды» выглядаюць асаблiва сiратлiва.
Жыллём iх не назавеш, грамадскай цi прыватнай уласнасцю таксама. Таму, як хворы зуб, трухлявая пабудова патрабуе альбо сур’ёзнага рамонту, альбо поўнай лiквiдацыi.
Праз Гарадоцкi раён пралягае надзвычай ажыўленая аўтамагiстраль Адэса — Санкт-Пецярбург. Штогод тут праязджаюць не тысячы, а нават мiльёны падарожнiкаў як з блiзкага, так i з далёкага замежжа. Iх уражанне ад навакольных пейзажаў застанецца ў памяцi на доўгiя гады. Прычым не толькi аб Гарадоччыне — аб краiне ў цэлым. Невыпадкова мясцовыя ўлады надаюць такую ўвагу навядзенню парадку на зямлi. I трухляваму жыллю не месца на сучасных падворках...