Кукавала зязюля…

Вiталiй ФЁДАРАЎ, «Р»

Не   адну   сотню   метраў    прайшлi    пальцы   доктара   Самарына па   змучаных   болем   пазваночнiках

Аднойчы вяртаўся з камандзiроўкi ў Полацкi раён. Ехалi на мiкрааўтобусе не асфальтаванай аўтатрасай, а ляснымi прасёлкамi. Я мiжволi падумаў, што, пэўна, у такой вось глухаманi i жыла славутая  чараўнiца — прыгажуня Алеся, якая ўмела ставiць на ногi безнадзейна хворых людзей адной ёй вядомымi замовамi ды адварамi таямнiчых зёлак. А вадзiцель мiкрааўтобуса яшчэ “падагрэў” мае летуценнi  аповядам пра не меней загадкавага доктара Самарына, якi якраз жыве ў вёсцы. I славiцца тым, што ставiць на ногi мноства народу з амаль невылечнымi хваробамi пазваночнiка. Калi нават сталiчныя прафесары i акадэмiкi ў бездапаможнасцi разводзяць рукамi... 

— А давайце заглянём да Мiхаiла Абрамавiча! — прапанаваў вадзiцель.—  Ён i мяне з iнвалiднасцi выцягнуў. Не мог нi сагнуцца, нi разагнуцца, i нават хадзiць быў не ў стане. Такi адчай навалiўся, што свету беламу не радаваўся. Цяпер жа вось, бачыце, за рулём штодня. За любую справу бяруся. Мяхi, як бульбiны, на руках гушкаю... 

На   французскi манер 

Вось i вёска Халамер’е, мясцовая ўчастковая бальнiца. Нават знешне яна нагадвае “маёнтак” (калi параўноўваць з мiнулымi стагоддзямi) даволi багатага памешчыка. Неардынарная архiтэктура будынка, мноства каваных металiчных канструкцый i ўпрыгожванняў. Проста ўзоры мастацтва з металу, пластыка i дрэва. А калi зайшлi ў саму ўстанову здароўя, то проста ахнулi ад здзiўлення.   Дзе мы, уласна кажучы, знаходзiмся: у глухой беларускай вёсцы цi  недзе ў Францыi, Германii, Аўстрыi? Не хапае фарбаў, каб выказаць здзiўленне ад еўрапейскага iнтэр’ера бальнiчных палат i пакояў. 

Ветлiвая дзяжурная медсястра трошкi засмуцiла нас, калi паведамiла, што Мiхаiла Абрамавiча цяпер няма. Ён недзе па выклiку на ўчастку. I ў той жа час супакоiла: нам яшчэ пашанцавала, што Самарын можа прыняць нас без папярэдняй дамоўленасцi. Не так даўно ён знаходзiўся па запрашэннi калег з Чэхii, дзе месяц практыкаваў лячэнне асаблiва  цяжкiх хворых аднаго з высакагорных замежных курортаў. Цi з аналагiчнай мiсiяй знаходзiўся ў Аўстрыi. А колькi пiсьмаў i факсаў з нашай краiны i дзяржаў Садружнасцi! Усе дамагаюцца знайсцi страчанае здароўе ў таямнiчага лекара з беларускай глыбiнкi. Ужо  амаль тры дзесяцiгоддзi ён урачуе на  Гарадоччыне. Як скончыў у 1977 годзе лячэбны факультэт Вi-цебскага медыцынскага iнсты-тута (цяпер  медунiверсiтэт). 

“Я   патрэбен у   Халамер’i”

Пакуль я слухаў у двары птушыны канцэрт, прыехаў i галоўны гаспадар  Халамерс-кай участковай бальнiцы. Знаёмiмся. Адчуваю моцны поцiск  рукi. Такi бывае яшчэ ў хiрургаў. Аднак у Самарына практыка, жартам кажучы, як у каваля. Не злiчыць,колькi соцень метраў (а можа, i кiламетраў) прайшлi яго пальцы i далонi па змучаных болем i пакутамi  пазваночнiках. 

А лечыць Самарын з аднолькавай адказнасцю ўсiх хворых. Але самыя  галоўныя яго пацыенты, безумоўна, жыхары мясцовага Халамерскага  сельсавета. Пераважна састарэлага ўзросту. Тыя, што аддалi лепшыя гады жыцця i сiлы працы на палях i фермах. I яны, як нiхто iншы, заслугоўваюць да сябе ўвагi з боку славутага лекара. Рэдка хто з ураджэнцаў Халамерскага сельсавета не прайшоў лячэнне пазванкоў i суставаў у доктара Самарына. 

На маё крыху наiўнае, а можа, i недарэчнае пытанне, чаму ён не згаджаецца на пастаянную работу за мяжой, Мiхаiл Абрамавiч без усялякага самалюбавання адказаў: 

— Пакуль што я тут патрэбны. I работы, паверце, не на адзiн месяц i нават год. А ўдзячнасць не толькi грашыма вымяраецца... 

“Ён   вярнуў   мне...   мае   ногi”

Яшчэ ў адным са старых фiльмаў мiнулага стагоддзя мне запомнiўся выраз: “Твар палiтыка – гэта не яго намеры, а яго справы”. А чаму толькi палiтыка? У любой справе i прафесii гэта галоўнае. 

Адносна дзейнасцi вясковага ўрача Самарына многае выглядае вiдавочным-неверагодным. Не выязджаючы з Халамер’я, людзi маюць магчымасць атрымаць самыя прэстыжныя медыцынскiя паслугi. У тым лiку iголкаўколванне, зубалячэнне i тыя славутыя працэдуры па мануальнай тэрапii i масажы, слава аб якiх перасягнула межы краiны. 

Сведчыць жыхар абласнога цэнтра Уладзiмiр Жыгулоў: 

  У горадзе я далячыўся да таго, што хадзiў ужо на мылiцах. Пасля  сустрэчы i лячэння ў сельскага доктара Самарына праз тры днi адкiнуў мылiцы  i, дзякуй Богу i такому доктару, хаджу на сваiх нагах... 

Намеснiк  начальнiка  абласнога ўпраўлення аховы здароўя Iван  Шумянкоў падкрэслiў не толькi неардынарны талент свайго вясковага калегi, але i не менш адмысловыя арганiзатарскiя здольнасцi. У прыватнасцi, на нядаўнiм з’ездзе лепшых ар-ганiзатараў устаноў  здароўя ў Мiнску галоўны ўрач установы “Халамерская ўчастковая бальнiца” Мiхаiл Самарын адзначаны Ганаровай граматай Мiнiстэрства  аховы здароўя краiны.  Такая  афiцыйная характарыстыка.  А што за ёй? 

...А   караван iшоў

Найбольш  вынiкова дзелавыя якасцi доктара Самарына выявiлiся ў  пастаянным супрацоўнiцтве з замежнымi калегамi. У прыватнасцi, з аўстрыйскай дабрачыннай арганiзацыяй, адкуль Халамерская ўчастковая бальнiца атрымала ў пастаяннае карыстанне сучасны апарат  ультрагукавой дыягностыкi, камп’ютэры i адмысловы медыцынскi iнструментарый. Па лiнii гуманiтарнай дапамогi неаднаразова  паступала iншае патрэбнае абсталяванне, мэбля, медыцынскiя прэпараты i нават рэанiмабiлi. Гэта стварыла прывабны iмiдж не толькi  самой установе аховы здароўя. У першую чаргу павышаную камфортнасць i ўтульнасць адчуваюць хворыя. 

Але лечаць не толькi медыкаменты. Пры Халамерскай участковай бальнiцы ёсць 40 гектараў зямлi. На iх вырошчваецца чыстая i багатая вiтамiнамi гароднiна i садавiна, бульба i ўсё патрэбнае для паўнацэннага харчавання. Жартам доктара Самарына называюць яшчэ i фермерам.  Ён за гэта не крыўдуе, хаця перакананы, што ўрач павiнен перш за ўсё лячыць. А такое вось нетрадыцыйнае “тылавое забеспячэнне” дапамагае  хутчэй i ўпэўнена ставiць хворых на ногi. Зразумела, што “бальнiчны калгас” такую колькасць зямлi апрацоўвае не ўручную, а з дапамогай уласных трактара, камплекта неабходных сельгасмашын i агрэгатаў. 

Як усякаму наватару, Мiхаiлу Абрамавiчу давялося на гэты конт  вытрымаць незаслужаныя папрокi i крыўды. Нават са сталiцы яму той-сёй кiваў пальцам: “Або лячы, або кароў развадзi!” З уласцiвай яму  мудрасцю Самарын сцярпеў кпiны “асфальтных мудрацоў”. Тых ужо i на пасадах няма, а ягоны “калгас” (у iм i каровы дойныя ёсць) працуе на здароўе. I няхай халамерскiя зязюлi наканоўваюць доўгае жыццё для ўсiх, хто надзелены талентам рабiць яго заможным i прыгожым! 

Все статьи рубрики Здоровье

пн
вт
ср
чт
пт
сб
вс
1
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
31
Номер газеты: