«Не гуляйце мяхамi з бульбай…»
Сельскi медык хоча, каб праблемы пажылых людзей нагадвалi не востры вугал, а круглае яйка
Галоўны ўрач Дабрамыслiнскай участковай бальнiцы Лёзненскага раёна Алена ГОРМАШ — карэнная вiцябчанка. Але вось ужо два дзесяткi год яе другой малой радзiмай стала вёска. Сёння ўчастковая бальнiца абслугоўвае амаль паўтара дзесятка вёсак, дзе пражываюць 2378 грамадзян усiх узростаў. Што радуе i што засмучае медыкаў у стане iх здароўя?
— Як вы ацэньваеце дэмаграфiчную сiтуацыю ў межах, жартам кажучы, вашых паўнамоцтваў?
— Пакуль у сельскай мясцовасцi пераважная большасць пажылых i састарэлых людзей. Як нi дзiўна, але многiя з iх не скардзяцца на дрэннае здароўе. Ёсць не адзiн дзесятак такiх, хто мае ўзрост за 80 гадоў. А жыхарка вёскi Зубакi Праскоўя Серабракова i ў 92 гады з’яўляецца прыкладам шчодрага даўгалецця. Ёсць у нашых мясцiнах i такiя, каму больш за сто год, але яны ўжо слабыя. У цэлым жа старэйшае пакаленне не дужа любiць звяртацца да ўрачоў. Хаця гэта не заўсёды правiльна.
— А цi можна дапамагчы людзям прадоўжыць свой век калi не да стагоддзя, то блiзка да такой рысы?
— Многае залежыць ад таго, што закладзена ў кожным з нас ад прыроды. Але працягласць жыцця, бясспрэчна, рэгулюецца i суб’ектыўнымi фактарамi. Цяпер шмат гавораць i пiшуць пра ўплыў на здароўе i працягласць жыцця наяўнасцi цi адсутнасцi шкодных звычак. Так, ужыванне спiртнога, курэнне, iншыя неразумныя заняткi iстотна скарачаюць чалавечы век. Але намнога радзей папярэджваюць аб неабходнасцi рэгулярнага паўнацэннага сну. Можа, я i надакучваю сваёй настойлiвасцю, але заўсёды патрабую, каб працягласць сну для дарослых была не меней васьмi гадзiн у суткi.
Нехта ўсмiхнецца: навошта паўтараць сто разоў адны i тыя ж iсцiны? А таму i варта паўтараць, што iх iгнаруюць. Як i пра неабходнасць пастаяннага руху. I каб ва ўсiм мера была. Мяне заўсёды абурае, калi пажылыя людзi з юнацкiм азартам цягаюць мяхi з бульбай цi зернем. Калi табе за 70 цi 80, то не трэба спакушаць лёс i гуляць з такiмi важкiмi «цацкамi».
— Згодзен з вамi, але ж справа якраз у тым, што многiя пажылыя людзi скардзяцца на бяссоннiцу.
— Кажуць, што ўсё генiяльнае простае. Наўрад цi адкрыю я нешта новае. Здзiўляе i засмучае чалавечая абыякавасць i недавер якраз да простага i даступнага кожнаму. Не трэба вялiкага розуму, каб укiнуць у рот таблетку цi праглынуць мiкстуру. Намнога цяжэй, напрыклад, выключыць перад сном тэлевiзар з дрэннымi навiнамi цi крывавым захапляючым дэтэктывам. Якi можа быць пасля гэтага спакойны сон? Асабiста я рэкамендую сваiм пацыентам выпiць перад сном шклянку цёплага малака з чайнай лыжкай натуральнага мёду. Можна i духмянага чаю з мелiсай цi чабаром. Пажадана настроiцца на мажорны лад, успомнiць дзень цi эпiзод з жыцця, напоўнены радасцю. I тады без усялякiх таблетак да вас з’явiцца глыбокi i здаровы сон…
— Вы, Алена Аляксандраўна, не горш за псiхатэрапеўта разважаеце.
— У сельскай мясцовасцi трэба ведаць, у каго якiя балячкi. Самыя распаўсюджаныя хваробы цяпер у нас — сардэчна-сасудзiстыя i артэрыяльная гiпертэнзiя. Чвэрць жыхароў на iх пакутуе. Пастаянна напамiнаю, каб у кожным доме быў танометр. Трэба ведаць свой артэрыяльны цiск, адзначаць яго змяненнi, своечасова паведамляць аб гэтым урачам.
Таксама раю на прыёмах i нефармальных сустрэчах менш ужываць салёнай i тлустай ежы. Пасля 40 год пажадана пастаянна прымаць па адной чвэрцi таблеткi аспiрыну—для прафiлактыкi склерозу, iнфарктаў i iнсультаў.
— Прынята лiчыць, што ў сельскай мясцовасцi харчаванне больш аднастайнае, не такое багатае па асартыменце, як у горадзе.
— Цяпер i ў вёску шмат завозiцца ўсяго. Былi б толькi грошы. Але бясспрэчна, што вяскоўцы пераважна харчуюцца сваiм, вырашчаным у садзе-агародзе, без «хiмii».
Iншая справа — культура харчавання. Iснуе памылковая традыцыя, што без мяса i тлушчаў проста жыць немагчыма. Даводзiцца пераконваць людзей, што асаблiва ў пажылым узросце варта болей настройвацца на раслiнную ежу. Гэта лепшая прафiлактыка склерозу i гiпертанii. Менш ужываць солi i цукру. А яшчэ — знаходзiць у жыццi паболей радасцей, чым змрочнай iнфармацыi. Тады многiя праблемы пажылога ўзросту стануць нагадваць не востры вугал, а круглае яйка.
— Вось мы ўсё пра старасць ды хваробы. А цi ёсць перспектывы дэмаграфiчных перамен на вёсцы?
— За мiнулы год у межах нашага ўчастка нарадзiлася толькi паўтара дзесятка дзiцятак. На фоне больш за дзве тысячы насельнiцтва, прытым пераважна пажылога, гэта як кропля ў шклянцы вады.
Толькi трэба глядзець глыбей i шырэй. Неўзабаве цэнтральны населены пункт набывае статус аграгарадка. А гэта добрыя перспектывы. У тым лiку i для нашай участковай бальнiцы. Цяпер яна таксама рамантуецца, аснашчаецца больш сучасным абсталяваннем i нават уласнай «хуткай дапамогай».
Прыемна паведамiць, што мы рыхтуем i маладую медыцынскую змену. У Вiцебскiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце атрымлiваюць прафесiю ўрачоў-стаматолагаў нашы хлопцы Яўген Дзюбайла i мой сын Iван Гормаш, а на лячэбным факультэце займаюцца Крысцiна Белабжэцкая i Наталля Хальцава. Так што нашаму ўчастку «кадравы голад» не пагражае. А сацыяльная перабудова вёскi абяцае i дэмаграфiчнае амаладжэнне. Каб на працягу года нараджалася не паўтара дзесятка малышоў, а паўсотнi i болей.
Все статьи рубрики Медицина
- Крочыць поруч. I крышку апярэджваць
Галоўны зубны доктар Вiцебшчыны Васiль Варганаў вылечыў каля 13 тысяч пацыентаў - «Не гуляйце мяхамi з бульбай…»
Сельскi медык хоча, каб праблемы пажылых людзей нагадвалi не востры вугал, а круглае яйка