На кручку ў махляроў
Гісторыі, якія хачу расказаць, маюць адзін корань. У аснове іх – наша даверлівасць, здзіўляючая бесклапотнасць, якія і сілкуюць махляроў, розных прайдзісветаў.
“Кінула” на 25 мільёнаў
Пачыналася ўсё са звычайнай аб’явы, якую адна бабруйчанка дала ў гарадской газеце наконт пакупкі кватэры. На яе адгукнулася невядомая асоба: маўляў, прадаю кватэру па вуліцы Лынькова. Раён зручны, непадалёк ходзіць тралейбус. Адным словам, спадабаецца адразу: “Давайце грошы – кватэра ў вас у кішэні!” Тая ўзяла і аддала 25 мільёнаў рублёў. Месяц праходзіць, два – ні кватэры, ні грошай... Паўгода чакала даверлівая пакупніца, пакуль нарэшце не звярнулася ў міліцыю. Тая хутка адшукала сляды “прадаўца” жылля... Цяпер гэтая асоба пад следствам. Махлярства інкрымінуецца, тэрмін свеціць немалы. Вось толькі думаеш: чым кіравалася пакупніца кватэры, аддаючы невядомаму чалавеку грошы?
Выпіў чарку, выпіў дзве — і застаўся без кватэры...
Знаходзяцца спрытнюгі, у тым ліку і з чорных рыелтараў, якія гатовы на ўсё, каб завалодаць чужой маёмасцю. Аб гэтым гаварылася на адной з нядаўніх планёрак у гарвыканкоме. Прыводзіўся такі факт. Невядомыя далі сігнал: спойваюць гаспадара кватэры, адзінокага мужчыну. Той ужо, па сутнасці, не валодае сабой... Ідзе да таго, што невядомыя могуць завалодаць ягоным жыллём. Пакуль пісьмо “хадзіла” па інстанцыях, гаспадара... выпі-салі з кватэры і адправілі на пражыванне ў адну з вёсак Бабруйскага раёна.
Мы абменьваліся думкамі з начальнікам гараддзела міліцыі Алегам Царуком, начальнікам АБЭЗа Віталем Харлапавым. Яны ў курсе гэтай праблемы. Расказвалі, што нядаўна прыхапілі аднаго такога спрытнюгу, які займаўся махлярствам з кватэрамі. Узбуджана крымінальная справа.
Хто ж гэтыя асобы, якія займаюцца такім недазволеным рамяством? У асноўным гэта людзі, якія нідзе не працуюць, з вышэйшай эканамічнай ці юрыдычнай адукацыяй, якія маюць “сваіх людзей” у юрыдычных службах, рыелтарскіх канторах, — адным словам, з шырокімі сувязямі.
— Кожнага не ўпільнуеш, — выказваў сваю думку Алег Царук, — некаторыя ўладальнікі кватэр, якія злоўжываюць спіртным, маюць запазычанасць па іх аплаце, самі ідуць на кантакт з такімі асобамі. Тыя заплацяць ім невялікую суму і перасяляюць куды-небудзь у аддаленую вёску: “Дапівайце апошняе...”
Які вывад напрошваецца? Цяпер свет стаў куды больш жорсткім, нярэдка грошы (ці адсутнасць іх) дыктуюць сваю волю. Тым не менш мы не маем права апускацца ніжэй чалавечай годнасці.