Свет трымаецца на дзіваках
Добрая навiна – хуткая навiна: пенсiянер з саўгаса “Глыбачаны” Ушацкага раёна Яўген Васiльевiч Аксяновiч за свае грошы купiў i падарыў раённай бальнiцы тэлевiзар. З глузду з’ехаў, могуць сказаць сённяшнiя прагматыкi...
Не, гэты чалавек увесь свой век прапрацаваў на роднай зямлi. I да яго не толькi як да былога галоўнага агранома, але яшчэ як i да свайго старэйшыны iдуць за парадай i падтрымкай аднавяскоўцы. I не пабаюся сказаць, што на такiх вось шукшынскiх “дзiваках” свет трымаецца, i хочацца, каб iх было як мага больш.
— Яўген Васiльевiч, як вы дайшлi да жыткi такой? Што, грошы няма ўжо больш куды трацiць?
— Ёсць куды. Унукаў i праўнукаў вунь ужо колькi!
— Дык чаму ж купiлi ўсё-такi тэлевiзар i чаму менавiта для раённай бальнiцы? Крыху нечаканы ўчынак...
— Ну якi тут учынак? Проста я гляджу на некаторыя з’явы крыху iнакш, чым iншыя. I не таму, што сам звяртаюся ў тую ж бальнiцу за дапамогай, а таму, што нiводзiн цi амаль нiводзiн з нас без яе не абыходзiцца. Медыцына ў нас бясплатная. За кошт дзяржавы, зразумела. Але ж у дзяржавы нашай ёсць яшчэ абарона, прамысловасць, сельская гаспадарка, адукацыя, культура i мы, пенсiянеры. Таму лiчу, што кожны з нас павiнен не толькi браць, але яшчэ i аддаваць. Тэлевiзар адправiў у хiрургiчнае аддзяленне раённай бальнiцы, таму што ў нашай сельскай ён ёсць.
— Пачакайце, ходзяць чуткi, што мясцовай бальнiцы ўжо няма?
— Чуткi не беспадстаўныя – зараз там сацыяльны прытулак. Патрэбная справа i прытулак. Але ж раней у той жа бальнiцы лячылiся жыхары ўсяго саўгаса. Зараз месц для хворых няма, лiквiдаваны, апрача двух-трох на дзённым стацыянары. Нiхто не супраць, паўтараю, каб iснаваў сацыяльны прытулак для няшчасных адзiнокiх людзей, але чаму б не пакiнуць месцы для звычайных хворых? Нязручна ж далёка ездзiць у раённую бальнiцу, тым больш ляжаць у ёй: хто за такую даль наведае нямоглага? А ў Глыбачанскай участковай бальнiцы засталiся ўрач, медсёстры – вопытныя, свае, добра вядомыя вяскоўцам. I абсталяванне неабходнае засталося.
— Дык у чым справа, плошча не дазваляе цi што?
— Не, плошча якраз i дазваляе. Калi б не дазваляла, то вунь колькi навокал пустуючых памяшканняў. Былы гандлёвы цэнтр, напрыклад, разбураецца. А былыя магазiн, сталовая...
— Разумею вашу апаску: пакуль дойдзе чарга да аграгарадка ў Глыбачанах, могуць ушчэнт разбурыцца клуб, гасцiнiца, сельсавет, лазнева-пральны камбiнат. З-за нечай недальнабачнасцi, нядбайнасцi, абыякавасцi. Напрыклад, навошта быў яшчэ адзiн будынак магазiна ў Глыбачанах, калi стаяў i працаваў ранейшы? Што думае на гэты конт Аксяновiч-старэйшына?
— Усе сельскiя пытаннi вырашаем разам са старшынёй сельсавета Людмiлай Храмцовай, дырэктарам саўгаса Валерыем Гарбацэнкам. Але павярнуць нешта ў патрэбнае рэчышча не заўсёды ў нашых сiлах. Возьмем, да прыкладу, той жа магазiн, тавары з якога перацягнулi ў зноў пабудаваны, i дзе яны, асаблiва хлеб зiмой, мерзнуць разам з пакупнiкамi – буханкай забiць можна. Справа, мне здаецца, у тым, што ранейшы капiтальны будынак магазiна належаў саўгасу, i той жа райспажыўкааперацыi неабходна было плацiць апошняму арэндную плату. Ды i якая тая плата – капейкi! Не, райспажыўкааперацыя пабудавала новы магазiн: маўляў, i мы клапоцiмся пра вас. А ў нас спыталiся?
— Затое, як мне вядома, тутэйшая моладзь ходзiць на дыскатэкi ў былы магазiн, бо шыкоўны некалi клуб знаходзiцца ў аварыйным стане. Перакосы нейкiя вiдавочныя i дзiўныя?
— Звычайнае глупства. У цэнтры саўгаса ў радыусе ста метраў размяшчалiся некалi цудоўная кантора, клуб, магазiн, аптэка, гасцiнiца, бiблiятэка. Вобразна кажучы, працавала “адно акно”. Сёння тут усё разбураецца.
— Мне здаецца, Яўген Васiльевiч, у наяўнасцi — звычайны чалавечы, а больш дакладней, чыноўнiцкi фактар: вось пачнуць адбудоўваць усё, што трэба згодна з сацыяльным стандартам для аграгарадка, тады i праблемы вырашацца самi па сабе. А з тых, хто давёў да ручкi колiшнi ўжо практычна гатовы аграгарадок, не спытаюць. I цi будзе яшчэ ён у “Глыбачанах”?
— Спадзяёмся, што будзе. Вунь колькi ўжо катэджаў набудавана ў саўгасе!..
Што ж, хацелася б верыць у лепшае. Толькi не трэба забывацца, што i ў аграгарадках, i там, дзе iх яшчэ няма, — скрозь жывуць людзi. Увага i павага да чалавека, клопат пра яго павiнны быць у полi зроку кожнага кiраўнiка, ад малога да вялiкага.
I яшчэ адно: калi рыхтаваўся гэты матэрыял, стала вядома, што на пасаду старшынi Ушацкага райвыканкома заступiў Алег Анатольевiч Кавалёнак. Ёсць падставы спадзявацца, што новы кiраўнiк паглядзiць на ўсё тут напiсанае па-новаму.
Все статьи рубрики Общество
- Одно окно. Иль семь дверей?
В столичной области прошел семинар-совещание по вопросам выполнения Директивы № 2 и совершенствования идеологической работы - Она хорошо помнит все три войны
4 июля самой пожилой женщине Беларуси Анне Павловне Рагель из Молодечно исполнилось 118 лет. Это рекорд не только наш... - 25-й кадр стимулирует выбор?
Реклама так прочно вошла в нашу повседневную жизнь, что, не стань ее, было бы скучно. Красочные объявления и афиши в метро, раскрашенный городской транспорт, бигборды, растяжки на проспекте… - Кто отремонтирует ведомственные общежития?
Возьмутся ли столичные и областные власти за капитальный ремонт ведомственных общежитий? Ведь не секрет, что некоторые из них находятся в таком плохом техническом состоянии, что здания нужно срочно «реанимировать»… - Свет трымаецца на дзіваках
Добрая навiна – хуткая навiна: пенсiянер з саўгаса “Глыбачаны” Ушацкага раёна Яўген Васiльевiч Аксяновiч за свае грошы купiў i падарыў раённай бальнiцы тэлевiзар. З глузду з’ехаў, могуць сказаць сённяшнiя прагматыкi... - Где-то солнечно, а где-то дожди…
Организация занятости и отдыха несовершеннолетних — то, на что направлена специальная межведомственная программа «Забота». Ее первый этап завершился. С каким результатом? - За что старшие уважают старейшину?
В деревне Доброй, что в Горецком районе на Могилевщине, Владимир Демьянович Крышнев — личность известная. Он только по определению и обязанностям старейшина, а на самом деле мужчина энергичный, в самом расцвете сил...