Паглядаем адзiн на аднаго. I на цэны
Кошт i якасць паслуг у сядзiбах Бабруйскага раёна заўсёды пад кантролем
Адной з першых у Бабруйскiм раёне ўзнiкла сядзiба «Iзабэла». Яе збудавалi на месцы былога панскага маёнтка. Двухпавярховая, з мноствам пакояў, утульным холам, лазняй унутры будынiны. Гаспадары яе — муж i жонка Сiдаровiчы — усё рабiлi з любоўю i густам. Прыемна тут знаходзiцца. Тым больш наўкол маляўнiчая прырода: возера, лес, на Ваўчанцы, што непадалёк, — бабровыя хаткi. Цiшыня, спакой. А яшчэ можна адправiцца ў падарожжа па 30-кiламетровым турыстычным маршруце, якi ўключае пахавальны склеп паноў Забэлаў, Курган Славы ў Сычкаве, дзот, што захаваўся з часоў вайны, раённы краязнаўчы музей.
Турыстаў у «Iзабэле» бывае нямала, у тым лiку з Мiнска, Бабруйска, Жлобiна, Рагачова. Гаспадыня Тамара Iгнатаўна, якой дапамагаюць дачка, зяць, унук, прымае людзей заўжды гасцiнна. Тут i пражыванне, i харчаванне. Звычайна клiенты ў выхадныя прыязджаюць: хто на шыкоўных iншамарках — таму даражэй, а хто з аўтобуса цi цягнiка — таму танней.
— Як зменшыць кошт паслуг? — перапытвае Тамара Iгнатаўна. — Ды я i так, як бачыце, iмкнуся людзей не крыўдзiць. А каб былi завоблачныя цэны, дык нiхто б да нас не iшоў... Тут многае значыць канкурэнцыя. Вунь у недалёкай Пад’ясенцы з’явiлася яшчэ адна сядзiба — Iслама Базаева, у яго — дом, лазня, каўказская кухня. Таксама прывабныя мясцiны. I да яго турыст пайшоў. Вось мы ўжо i паглядаем адзiн на аднаго, каб цэны не вышэй, а нiжэй, паслуг болей i лепшай якасцi. Сам час, розныя сiтуацыi падштурхоўваюць нас да такога спаборнiцтва.
Сядзiба «У дзядзькi Фёдара» размешчана ў вёсцы Новай Шараёўшчыне. Яе гаспадар Анатоль Фёдараў (на здымку) пасялiўся на радзiме продкаў. Аднавiў з дапамогай жонкi, мацi, сына пабудовы, якiя мелiся, нямала чаго яшчэ ўзвёў. Напрыклад, лазню ў памеры дзвесцi квадратных метраў, аж з трыма басейнамi, з гарачай i халоднай вадой — для дарослых i дзяцей. Аблюбавалi яе наведвальнiкi. Калi яшчэ тры гады таму гаспадар даваў аб’явы з запрашэннем наведаць сядзiбу, то цяпер гэтага не робiць — ад чалавека да чалавека перадаецца. Няма праблемы з клiентурай, сюды едуць i едуць.
«Наконт цэн, — расказвае, — нiколi iх не завышаў. Усё рабiў па-чалавечы. Ды i як з таго цi iншага клiента дзерцi, калi ён ужо добра знаёмы, двойчы-тройчы бываў? Канешне, трэба весцi справы так, каб i на развiццё заставалася. Спыняцца на дасягнутым не збiраюся. Вось хачу маленькую ферму, на некалькi галоў буйной рагатай жывёлы, адкрыць, каб не купляць мяса на тыя ж шашлыкi, а сваё мець. Тады i з’явiцца магчымасць панiжаць цэны».
Кiраўнiк ужо добра вядомай у раёне сялянска-фермерскай гаспадаркi «Фiш-Лiдэр», якая займаецца арганiзаваным адпачынкам, Андрэй Клянчанка расказвае, што прэйскурант цэн на паслугi зацвярджае абласны аддзел цэнаўтварэння. Высока ўзнiмаць iх не дазволяць, а змяншаць можна. I ён бачыць такую магчымасць у расшырэннi сферы паслуг. Выношвае планы стварэння цэнтралiзаванай паркоўкi транспартных сродкаў, узвядзення лодачнай станцыi, будаўнiцтва для адпачывальнiкаў яшчэ адной лазнi, задумалi арганiзаваныя паездкi на былую сядзiбу графа Варанцова-Вельямiнава, якi быў жанаты на ўнучцы Пушкiна, у вёску Цялуша, дзе яна пахавана. Больш сродкаў – магчымасць змяншаць кошт паслуг.