Пяшчота да родных матываў
Утульная зала выстаў Вiлейскага гiсторыка-краязнаўчага музея, здаецца, сабрала ўвесь горад. Прыйшлi сюды ўсе, хто любiць i цэнiць жывапiс i хто асабiста знаёмы з чалавекам, якi апынуўся ў цэнтры ўвагi. Жыхары Вiлейкi ўсёй душой хацелi прыхiнуцца да творчасцi свайго земляка, цудоўнага мастака-педагога Эдуарда Мацюшонка, выстава работ якога прымеркавана да яго паўвекавога юбiлею.
Тры пакаленнi Мацюшонкаў прысутнiчалi на свяце: бацька мастака, сам Эдуард Уладзiмiравiч i яго сын. Тым самым выстройвалася паслядоўная повязь часоў, сiмвалiчная i вельмi важная для любога творцы, а зрэшты, i для ўсiх нас, хто неабыякавы да сваёй спадчыны, сваiх вытокаў.
Тэму звароту да каранёў, да зямлi-матухны ўлоўлiваеш на палатне “Хлеб”. На пярэднiм плане немалады вясковец з адкрытым поглядам трымае ў натруджаных руках прыгожы бохан — вынiк нялёгкай працы многiх сялян. А за яго плячыма вядзе баразну араты, паганяючы стомленага каня. Цёмнае, непрыветлiвае неба... Нялепшы час для вёскi. Трывога i шчымлiвы боль закрадваюцца ў сэрца. Iх перажываў, несумненна, i мастак. Але ўжо крышку воддаль — стары з кiйком i хлапчук. Яны рушаць разам, уважлiва ўглядаюцца ўдалеч, у будучыню. I гэтая жыццесцвярджальная дэталь надае веры ў лепшае.
— На карцiне мой дзядуля Вiнцэнт, — раскрывае сакрэт задумы Эдуард Уладзiмiравiч. – Ён без ног вярнуўся з Першай сусветнай вайны, знайшоў сiлы працаваць да сёмага поту, вырошчваць хлеб, кармiць сям’ю. Дзякуючы яму ўбачыў свет мой тата, жыву i працую я, мае дзецi – працягваецца наш род.
Пачуццё шчырай удзячнасцi бацькам, зямлi, на якой вырас, працавiтым землякам чырвонай нiткай праходзiць праз усе творы жывапiсца. Тут да болю блiзкiя малюнкi дзяцiнства: вось уладкаваны руплiвым гаспадаром вазок сена, што павольна плыве з сенажацi, капiруецца ў люстэрку чыстага стаўка. Мастак скiроўвае наш позiрк на мужчыну, якi няспешна вядзе вазок, а яшчэ больш — на хлапчука, якому спакойна i ўцешна ляжаць на сене за шырокiмi татавымi плячыма, на бяздоннае яснае неба... Ах, як знаёма ўсё гэта з дзяцiнства!
У такiх шчымлiва-самотных вясковых абразках кожнаму бачыцца свая вёска, мiлыя сэрцу мясцiны. Карцiны пераносяць нас на многiя гады назад, вядуць быццам бы i не па сваiх, але такiх блiзкiх вясковых сцежках, абуджаюць годнасць, гонар за простых людзей нашай зямлi, дораць светлы ўспамiн i надзею, што гэтая пяшчота застанецца з намi на вякi. У тым лiку i дзякуючы такому майстру, як Эдуард Мацюшонак.