Энергiя пераўтварэнняў
Сярод мноства эканамiчных выкладак у электроннай раздрукоўцы Вiцебскага аблспажыўсаюза надзвычай уражвае лiчба 22,9 мiльярда рублёў. Менавiта столькi сродкаў укладзена летась у мадэрнiзацыю вытворчасцi i абнаўленне асноўных фондаў.
Такi агульны фон. А калi разглядаць яго ў плоскасцi канкрэтных пераўтварэнняў? Толькi на мадэрнiзацыю хлебапякарнага абсталявання ў Прыдзвiнскiм краi выкарыстана 842 мiльёны рублёў. У Шаркаўшчынскiм i Ушацкiм раённых спажыўтаварыствах атрымалi «прапiску» так званыя ратацыйныя печы з Францыi. У вынiку непазнавальнымi сталi працэсы цестамясiльных i цестадзялiльных вытворчасцей. Праца ў цэхах нагадвае аптэчную па чысцiнi i санiтарных патрабаваннях. А галоўнае — асартымент i якасць хлебапячэння набылi еўрапейскi стандарт. Адзiн за другiм хлебазаводы сiстэмы аблспажыўсаюза ўкараняюць выраб хлеба з вiтамiннай дабаўкай «арбавiт-2», ёдаказеiнам, бетавiтонам, пшанiчным вотруб’ем i сухой бульбяной клятчаткай. Навiнкi не ўсюды прымаюцца на ўра, але паступова мадэль здаровага i карыснага харчавання знаходзiць усё больш паслядоўнiкаў.
Сярод базавых прадпрыемстваў мясаперапрацоўкi прыклад для калег паказваюць майстры прадпрыемства «Каапнарыхтпрам» Браслаўскага райпо. А на Ушацкiм заводзе для сушкi агароднiны асвоена вытворчасць нестэрылiзаванага павiдла.
Шмат iнвестыцый патрабуе мадэрнiзацыя матэрыяльна-тэхнiчнай базы будаўнiчай галiны. Толькi на развiццё Глыбоцкай ПМК выдаткавана 358 мiльёнаў рублёў. Затое цяпер у распараджэннi дойлiдаў кааперацыi сучасны 20-тонны МАЗ, франтальны пагрузчык, пасажырская «газель» i пiларама. I гэта толькi раскрутка грандыёзнай праграмы ўсебаковага рэфармавання «шматстаночнай» кааператыўнай вытворчасцi.