Не народ для ўрада, а ўрад для народа. Кастусь КАЛIНОЎСКI Текстовая версия
www.respublika.info № 65 (4488) Суббота, 05 апреля 2008 г.

Шэрая грузiнская…

Міхась КУЧКО

Удар быў даволі моцным, аж рука крыху здзеравянела, і абсалютна нечаканым. І то, якога д’ябла цябе раптам, без дай прычыны балюча б’юць па пальцах, якімі ты намерыўся толькі сашчыпнуць са сподачка з мёдам звычайную пчалу! І робіць гэта не які-небудзь благі, а сур’ёзны, у добрых гадах і пры добрай пасадзе, чалавек, які толькі што гучна і на ўсе трыццаць два моцныя белыя зубы смяяўся з твайго дасціпнага жарту, не адну ўжо гадзіну сядзеў з табой за сталом, на якім і чарка, і да яе. Далей — болей: замест таго, каб папрасіць прабачэння ці растлумачыць свой такі ўчынак, Анатоль Пятровіч, так, здаецца, яго звалі, узяў у рукі сподачак з уратаванай ім пчалой і здзіўлена прамармытаў: «Бач ты, шэрая грузінская...» 

Гадзіны праз паўтары, калі я, адыйшоўшы ад стала, пыхкаў цыгарэтным дымком на беразе возера і пазіраў, як садзіцца ў яго сонца, як заўзята таўкуць мак у апошніх яго промнях камары, на плячо мне лягла рука. Тая самая... 

— Братка, калі можаш, не сярдуй, — Пятровічу, відаць, было ніякавата, і ён з цяжкасцю, як падалося, падбіраў словы. — Пчолы... У мяне з імі свая гісторыя, свае стасункі. 

Першы раз Толік, пятае і самае малое дзіця ў звычайнай сялянскай сям’і, здзівіў аднавяскоўцаў, калі яму было гадоў сем, не болей. Справа была познім летнім надвячоркам. Ужо прайшоў, пакінуўшы пасля сябе дзіўны пах нагрэтага сонцам пылу і сырадою, статак кароў. Разыходзіліся ўжо і людзі, якія па даўняй завядзёнцы выходзілі страчаць сваіх карміцелек на выган за вёскай, як раптам на ім паказаўся Толік. З нейкім нязграбным цялём, якога то ледзь не за вушы валачыў, то дубчыкам падганяў. 

— Мама, цялятка гэта да статку прыбі-лася, а там, у кустах, і карова чужая стаіць, яна з намі не пайшла, — звонка, як урок у школе,  адбарабаніў Толік. 

Дружна, у адзін голас войкнулі жанчыны, схапілася за сэрца маці, сышоў з твару бацька, якому ледзь хапіла сіл, каб чужым, не сваім нейкім голасам вымавіць: 

— Добра, сынок, бяжы да хаты, а мы тут разбяромся. 

Толік ужо адчыняў веснічкі ля хаты, а дарослыя ўсё яшчэ маўчалі — кожны з іх добра ўяўляў, што магла зрабіць з малым раз’ятраная маці-ласіха, на вачах у якой адабралі ласянятка. 

— Рызыкант, от рызыкант, распусціўся на дзядоўскую пугу, — прарыпеў  дзед Пракоп, адзіны, бадай, у вёсцы чалавек, які пільнаваў кожны Толікаў крок і потым з’едліва, з незразумелай нейкай злосцю каменціраваў, пераварочваючы ўсё з ног на галаву. 

Рызыкантам, а мянушка гэта так да яго і прыліпла, Толік быў гады са тры. Пакуль не пайшоў на «павышэнне» і не стаў Прафесарам. А званне «прафесарскае» зарабіў наступным чынам. 

Ён яшчэ з маленства прызвычаіўся хадзіць з маці на дзённую дойку кароў. Летнім часам статак звычайна пасвіўся на дальнім, кіламетры за два ад вёскі, лузе, густа заросшым кустоўем, у якім жывёле так добра было хавацца ад спёкі і аваднёў. Праўда, Толіка вабіў не так сам працэс здабычы малака,як дарога праз лес, у якім столькі цікавага можна было пабачыць, калі не спяшацца, уважліва глядзець пад ногі, у бакі і ў гору. На той вунь старой, парэпанай сасне выдзеўбаў сабе дупло стракаты дзяцел... Злева ад дарогі, у рэдкім хмызняку пратапталі сваю сцяжынку вялікія рудыя мурашы. Аднойчы яны з маці сталі так, дзеля інтарэсу, класці на яе розныя трэсачкі, ігліцу  і так захапіліся тым, як зацята і дружна мурашы пазбаўляліся перашкод на сваім шляху, што забыліся пра дойку і папаліся... бацьку. Той, убачыўшы, чым займаюцца жонка с сынам, толькі рукамі развёў: 

— Старое і малое — абое рабое. Люба, ты ўжо зусім здзяцінела, — на першы выгляд грозна вымавiў бацька, але Толік, пабачыўшы, што вочы ў яго весела блішчаць і ён з апошняе сілы стрымліваецца, каб не зарагатаць, пабег да лугу, чуючы на хаду працяг размовы. — Люба, ты мая, Люба. Пяцёх дзяцей мне нарадзіла, дом, гаспадарку цягнеш, на рабоце забіваешся, а сама, як тое дзіцё. Скажы каму ў вёсцы, што ты ў лес ходзіш мурашоў дражніць — засмяюць! 

Толік толькі ўявіў сабе, як пра гэта даведаецца насупісты дзед Пракоп, як, цяжка прыпадаючы на кульбу, панясе гэтую навіну да бабы Вольгі, як тая мітулем дасца да крамы і там, у вобразах і яркіх фарбах, будзе распавядаць, як старшынёва жонка бавіць час, аж зайшоўся ад смеху. Яму было хораша і радасна, што ў яго ёсць такія вясёлыя і спагадлівыя бацькі. Што ім і ўсім астатнім ярка свеціць на небе сонейка, што пярэстая і вельмі жвавая Зорка ўбачыла яго і гарэзліва штурхае ў бок вільготным чорным носам, патрабуючы абавязковую лусту хлеба... 

Тут, на пашы, і пачуў Толік ад жанок, што дзед Пракоп ведае, напэўна, нейкі вядзьмацкі сакрэт, бо яго карова, што пасецца разам з астатнімі, малака дае куды як болей. «Вядзьмак... Дык вось чаму дзед, якому і па вуліцы прайсці цяжка, кожны вечар клыпае ў лес з вялізным мехам... Ведзьміну траву збірае. Трэба яго высачыць», — мільганула ў думках у малога.         

  У памагатыя, бо хоць і меў Толік рэпутацыю рызыканта, але аднаму на ноч гледзячы ісці ў лес было боязна, узяў Аліка і Воўку — меншую пару сваіх братоў-блізнят, бо Васіль і Андрэй, большая пара, былі ў піянерскім лагеры. Яны, хаваючыся і баючыся, прасачылі дзеда да густога арэшніку, залеглі на яго ўскрайку і сталі чакаць, уздрыгваючы і пацепваючыся ад кожнага гуку і шолаху. Пракоп, нарэшце, выйшаў з гушчару з поўным мехам і даўся да хаты. Малыя рушылі за ім і ўгледзелі на сцежцы пук свежай травы, якая, відаць, вывалілася з меха. 

— І што ты з ёй рабіць будзеш? — гулкім шэптам і адным голасам спыталі браты. 

— Ведаю што, — гэтак жа ціха азваўся Толік. 

Траву гэтую ён акуратна, як у школе вучылі, засушыў, выцягнуў са школьнага сшытка здвоены аркуш паперы, крыху падумаў і акуратна напісаў: «Паважаныя таварышы! Падкажыце, калі ласка, як называецца гэта расліна і чаму карова, якая яе з’есць, залівае малаком? З павагай да вас Анатоль Пятровіч Бузак.» Усё гэта, запакаванае з дапамогай маці, якую Толік, узяўшы папярэдне цвёрдае абяцанне нікому ні слова, увёў у курс справы, пайшло ў Маскву на адрас Ціміразеўскай акадэміі, дзе ў свой час вучыліся, там сустрэліся і пакахалі адзін аднаго, бацька і маці. 

Тыдні праз тры прыйшоў адказ, які бацька, хаваючы задаволеную ўсмешку, зачытаў суседзям, што сабраліся надвячоркам на лавачцы ля іх хаты: «Уважаемый Анатолий Петрович! Сообщаю Вам, что присланный вами образец растения именуется крест бледный и  действительно обладает молокогонными свойствами. С уважением В.М.Кротов, доцент.» 

— Бач ты, гэтага шчанюка вазгрывага дацэнты па бацьку называюць. Як  прафесара якога, рабіць ім, вучоным гэтым, больш няма чаго, — адазваўся на падзею Пракоп, якога Толік пазбавіў «манаполіі» на вялікія надоі. 

Дзед, як потым, калі стаў дарослым, зразумеў Толік, чалавекам быў не вельмі добрым, зласлівым. Наступным ужо летам зноў прыйшоў да той самай лавачкі і тыцнуў у рукі Толіку, які круціўся побач з дарослымі, місу з... мёдам. 

— На, паспрабуй! Хоць ты, па частцы ўлезці куды-небудзь ды шкоды нарабіць, і Прафесар, а ў пчалярскай справе ні халеры не петрыш. І петрыць не будзеш. Тут я — Акадэмік. 

Вымаўлена гэта было з такой пыхай і пагардай, што не толькі малы пачырванеў і сумеўся, але і дарослыя адчулі сябе няёмка і неяк хуценька разышліся. Вечарам, кладучыся спаць, Толік чуў, як бацькі доўга аб нечым перашэптваліся — маці, як яму падалося, нешта бацьку даводзіла, той не згаджаўся, бурчэў сабе нешта пад нос. 

А праз тыдзень прынёс сыну цэлы стос часопісаў пра пчалярства. 

— Чытай, Толік. Нас, Бузакоў, на крывой кабыле не аб’едзеш, мы самі з добрымі вусамі. 

Калі Толік вывучыў, як бацька казаў, тэорыю (а пчалінае жыццё так яго ўразіла і захапіла, што вечарамі ён цэлыя лекцыі з гэтай нагоды сямейнікам чытаў), бацька прывёз аднекуль сапраўдны вулей. 

— Нічога ў цябе, малец, не атрымаецца, здохнуць за зіму твае пчолы, — вынес катэгарычны прысуд дзед Пракоп, якому вельмі не спадабалася, што Толік хіба не начуе ля свайго вулля і ўсіх вясковых пчаляроў абышоў, кожнага распытаў, што, як і да чаго ў тонкай гэтай справе. 

Вясной паштарка Ядзя зайшла да іх у хату і з вялікай асцярогай дастала з пузатай зашмальцаванай сумкі невялічкі, спрэс аклеены надпісамі кшталту: «Асцярожна, не кантаваць!», «Увага, жывая пчала!» пакуначак. 

— Во, з самой Грузіі прыслалі. Каштуе, відаць, як тая карова. 

Маці патрабавальна і падазрона глянула на Толіка — што гэта, маўляў, за праява такая? 

— Мама, гэта пчаліная матка самай лепшай пароды — шэрая грузінская, яны, я ў часопісе прачытаў, больш мёду даюць, чым звычайныя пчолы. А каштуе ўсяго тры рублі, я ў школе не абедаў, назбіраў пакрысе. 

Цяжкая і няпростая, як кажуць пчаляры, працэдура ўкаранення новай маткі ў вулей прайшла ў Толіка выдатна, і праз колькі часу ён паказваў маці, як жывуць пчолы, гучна шаптаў ёй у самае вуха: 

— Вунь тая, самая вялікая, гэта, мама, і ёсць матка. А пчолкі, што на яе глядзяць, — світа, яны яе малачком кормяць. Яна, мама, нават калі пакрыўдзіш, ці балюча зробіш, джагаць не будзе, ёй дзетак трэба нарадзіць. Пчолы, мама, яны самыя разумныя і за людзей дабрэйшыя. 

— Ага, дабрэйшыя, як дасць каторая... — запярэчыла маці. 

— І дабрэйшыя, і не чапаюць нікога, толькі хатку сваю бароняць. А Юзік вунь... — Толік аж раззлаваўся. 

Юзік! Гэты трыццацігадовы і трохі дуркаваты дзяцюк адным разам кавалачкам сала спакусіў суседскую кошку, а калі тая даверліва падышла да яго, падчапіў ботам пад вялізны ўжо жывот і шпурнуў на дарогу, па якой цягнуў цяжка гружаны прычэп магутны «Кіравец». Ніхто і апамятацца не паспеў, як Толік маланкай слізгануў услед, прыціснуў да грудзей небараку і з жахам пазіраў, як прама на яго насоўваецца велі-зарнае трактарнае кола. Трактарыст, што нейкім цудам здолеў спыніцца ў некалькіх сантыметрах ад Толіка, вылез з кабіны бялейшы за снег, маці вісела на руках у бацькі, які ўжо ішоў да Юзіка, моцна сціснуўшы кулакі, ціхенька енчыла на руках у малога ўратаваная жывёлінка. 

Страшны той выпадак імгненна паўстаў у маці перад вачамі, і яна, каб толькі скіраваць думкі хлопчыка ў іншым напрамку, засыпала яго пытаннямі пра гэтых самых пчол і сама неўпрыкметку так захапілася, што ачомкаліся абое, толькі пачуўшы бацькава буркатанне: 

— Мурашоў вам было мала, цяпер во з пчоламі забаўляецеся, а гаспадар хадзі сабе галодны, халодны, неаблашчаны і неабпешчаны. 

Калі прыйшоў час збіраць першы мёд, высветлілася, што з аднаго Толікава вулля яго атрымалася столькі, колькі з трох у дзеда Пракопа. Стары так раз’юшыўся, што нават абвінаваціў Толікавых пчол у тым, што яны крадуць яго мёд. Вясковыя пчаляры, тэрмінова скліканыя з гэтай нагоды, нават следчы эксперымент правялі: шэрых грузінскіх абсыпалі мукой і пільна сачылі, ці шныраюць яны ў дзедаў вулей. Калі высветлілася, што не, Яўген Пятровіч, адмысловы пчаляр і школьны настаўнік, выказаўся за ўсіх: 

— Адчапіся, а лепш павучыся ў хлопца, Пракоп. Навука, яна нікому яшчэ не шко-дзіла. А ты, Толік, калі можна, дай мне сваіх пчолак на развод. 

Першае частаванне свежым мёдам у вялікай хаце Бузакоў стала сапраўдным святам — празрысты, з жаўтаватым адценнем, ён прыйшоўся ўсім даспадобы. Суседзі, запрошаныя на пачастунак, на-прамілы Бог прасілі  Толіка пакінуць ім мёдзіку на зіму. Той акуратна запісваў знаёмыя прозвішчы ў сшытак, абяцаў, што не забудзецца нікога. 

Наступная раніца аказалася найгоршай у пакуль яшчэ кароткім  Толікавым жыцці. Яго вулей быў нежывы — мёртвыя пчолы ляжалі каля яго, матка, світа, ахоўніцы, трутні — ў ім. Толік літаральна скамянеў, слова вымавіць не мог, нічога вакол сябе не бачыў і не чуў. Не чуў рэзкага паху дыхлафосу. Не бачыў, як ціха перагаворваецца з суседам бацька, паказваючы таму на цыгарэтны недапалак той маркі, якую паліць дзед Пракоп, і сляды яго галёш, што адбіліся на вільготнай зямлі. 

Ужо не Толік, Анатоль Пятровіч цяжка ўздыхнуў: 

— Разумееш, браток, я ж рос у вёсцы, добра ведаў, што чакае парасятак і цялятак, куранят і гусянят, з якімі гуляў, калі яны былі малыя, ад свежыны мяне не адварочвала. Але гэтае масавае забойства, а  іншыя словы і сёння пада-браць не магу, пчалінай сям’і нешта ў ва мне скранула. Канешне, ведаў я, што не ўсе людзі такія добрыя, спагадлівыя, як мае бацькі, бачыў і п’янтосаў, і бойкі вясковыя, але каб так... З дыхлафосам... Стары супраць малога... Толькі за тое, што мая маці не пайшла за Пракопавага сына... Да гэтае пары не разумею. І хоць пчоламі ў жыцці больш не займаўся, як убачу каторую, пачынае душа смылець, балюча так робіцца... 

— А што з Пракопам тым, Пятровіч, сталася? — пытаюся, калі маўчанне стала ўжо нясцерпным. 

— А доўга яшчэ жыў. Толькі, ведаеш, мёд ягоны ніхто больш не купляў, а калі зусім стары стаў, звёў з хлява карову, малака яму ніхто не даваў ні за так, ні за грошы. 

Оцените материал:

Написать автору

Ваше имя *: Все поля, помеченные *, обязательны для заполнения.
E-mail *:
Сообщение *:

Все статьи рубрики Антология короткого рассказа

  • Шэрая грузiнская…
    Удар быў даволі моцным, аж рука крыху здзеравянела, і абсалютна нечаканым. І то, якога д’ябла цябе раптам, без дай прычыны балюча б’юць па пальцах, якімі ты намерыўся толькі сашчыпнуць са сподачка з мёдам звычайную пчалу!..
пн
вт
ср
чт
пт
сб
вс
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
25
26
27
28
29
30
Номер газеты:
© 1991 - 2005, <РЭСПУБЛIКА>. Все права защищены.
Редакция сайта: [email protected]
Администратор: [email protected]
Экспорт заголовков и анонсов
в формате XML/RSS 2.0
Разработка сайта:
Дизайн-студия Дмитрия Борового
справочник лекарств ремонт своими руками Pink Floyd 7th-sky.net советские мультфильмы болты и гайки
Rating All.BY Rambler's Top100