«Жывыя» крыжы

Карэспандэнт «Р» спрабаваў даведацца, чаму яны «вырастаюць» са старых магiл
Па сталiчных мерках Заронава амаль што прыгарад. Усяго 26 кiламетраў ад Вiцебска. Асаблiвасць вёскi ў тым, што размясцiлася на беразе аднайменнага возера, якое мае даўжыню каля васьмi кiламетраў i шырыню больш за кiламетр. Водзяцца тут лешч i судак, шчупак i плотка, язь i лiнь, акунь i гусцяра…
Карацей, блакiтная мара рыбака. Праўда, варта быць i асцярожнымi, бо месцамi глыбiня возера Заронава дасягае 12—13 метраў, а сярэдняя — пяцi з гакам. Але наша падарожжа ў гэты прывабны край было не надта рамантычным. Мы прыехалi на мясцовыя могiлкi, каб увачавiдкi паглядзець на крыжы, якiя «вырастаюць» з зямлi.
лiтаратуры Заронаўскай базавай школы-сада Людмiла Канстанцiнаўна Нiкiцiна. Пакуль ехалi да вясковых могiлак, даведалiся ад яе, што мы не першыя, хто цiкавiцца незвычайнай з’явай. I што нават самыя зацятыя скептыкi не абвяргаюць, што старажытныя крыжы сапраўды “вырастаюць” з нетраў зямных. Iншая справа, што тлумачаць з’яву па-рознаму. Вiцебскiя i мiнскiя навукоўцы спрабуюць абгрунтаваць гэта дзеяннем фiзiчных законаў. У тым сэнсе, што зiмой глеба прамярзае, вясной — праграецца, а рознасць тэмператур i выштурхоўвае каменныя крыжы на паверхню. Але адразу ўзнiкае, як бы мовiць, контраргумент: а чаму тады зямля не выштурхоўвае iншыя плiты, помнiкi, крыжы як у самiм Заронаве, так на iншых могiлках?
Сама Людмiла Канстанцiнаўна прытрымлiваецца версii, што крыжы, нiбыта раслiны, прабiваюцца наверх з нейкай таямнiчай iнфармацыяй ад продкаў, якiя пасылаюць яе ў зашыфраваным у каменнi “тэксце”. Iншая справа, што мы не ўмеем яго прачытаць цi не жадаем вучыць гэтую незнаёмую мову.
А можа, тайна незвычайных крыжоў хаваецца ў драматычных падзеях, звязаных з мясцовай праваслаўнай царквой? Настаўнiца Нiкiцiна, дарэчы, яшчэ i знакамiты на ўсю вобласць краязнавец. У створаным ёю школьным музеi, якi адзiн з нямногiх носiць i пацвярджае ганаровы тытул народнага, за многiя гады сабрана столькi ўсяго адмысловага па частцы нацыянальнага каларыту многiх стагоддзяў, што можна абаранiць не адну кандыдацкую i нават доктарскую дысертацыю. Дык вось, Людмiла Канстанцiнаўна “дакапалася”, што на месцы загадкавых могiлак у 1760 годзе дзейнiчала драўляная праваслаўная царква. Затым яна была спалена, але ў сярэдзiне ХIХ стагоддзя iзноў узнялася, як фенiкс з попелу, у цэгле i кованцы.
Самы драматычны перыяд, зразумела, чакаў культавае збудаванне ў атэiстычным лiхалеццi мiнулага стагоддзя. Дакладней, мураваную прыгажуню “накармiлi” дынамiтам i… Раскiданыя па могiлках цаглiны расцягвалi мясцовыя сяляне на печы.
— Дык можа, гэта нейкi знак для нашчадкаў, каб вярнулi доўг за сваiх продкаў?—разважае Людмiла Канстанцiнаўна. — Я дакладна высветлiла, што крыжы “растуць” не абы-дзе па могiлках, а менавiта ў апсiднай частцы знiкшага з твару зямлi храма. Цi не праз такую “каменную iнфармацыю” памерлыя продкi звяртаюцца з заклiкам да нашчадкаў, каб адрадзiць у Заронаве царкву?
I вось мы на месцы апошняга прытулку многiх пакаленняў заронаўцаў. Без гiда ў асобе Нiкiцiнай доўга давялося б шукаць у “горадзе мёртвых” таямнiчыя крыжы. Без папярэдняй iнфармацыi можна было падумаць, што гэта вельмi старыя пахаваннi. Урэшце, так яно i ёсць. Iншая справа, што яшчэ дзесяць гадоў назад тут было роўнае месца. З паверхнi тырчалi толькi камянi накшталт бруку. Затым яны сталi “вылузвацца” далей на паверхню. Настаўнiца Нiкiцiна тлумачыць, што i навукоўцы адносяць гэтыя крыжы пераважна да ХVIII стагоддзя, але ёсць i ХII—ХIV стагоддзяў.
Зразумела, што пры такiм фантастычным развiццi навукова-тэхнiчнага прагрэсу ( радыёэлектронiка, лазеры, камп’ютэры, сотавая сувязь i г.д.) сёння цяжка нечым здзiвiць. У iмклiвым, асаблiва ў мегаполiсах, тэмпе жыцця мала хто i заўважыць, што на нейкiх там вясковых могiлках пад вёскай Заронава нейкi крыж “падрастае” на два сантыметры ў год, другi — на тры, трэцi — на пяць… Ну i што?
Можна разважаць i так, i гэтак. I лягчэй за ўсё на фоне зробленых рукамi “гулiвераў” не заўважаць няпрошаных “лiлiпутаў”. Дарэчы, святары якраз i ўстрымлiваюцца ад рашучых каментарыяў. Настаўнiца Нiкiцiна заўважае, што фотаздымкi заронаўскiх “жывых” крыжоў паказвалi ў розных цэрквах i манастырах. Па яе словах, свяшчэннiкi i манахi амаль у адзiн голас сцвярджаюць: “У вас святое месца”. Некаторыя раяць не чапаць крыжоў i не спрабаваць усталёўваць чалавечую волю над не падуладнымi нам законамi таго свету.
Парада слушная. Можа, i сапраўды досыць раскiдваць i збiраць камянi?
Столькi неразумнага натварылi ўжо, асаблiва ў драматычным мiнулым стагоддзi! У прамым сэнсе дуба ўставала зямля ў час вызвалення яе ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў i на заронаўскiх могiлках. Дагэтуль тут не зараслi i не зраўнялiся з паверхняй глыбокiя траншэi i акопы памiж старых захаванняў. I гэта так не адпавядае могiлкам, як апошняму чалавечаму прытулку. Мае, мне здаецца, рацыю настаўнiца i краязнавец Нiкiцiна, якая лiчыць, што абуджаныя нашым iмклiвым часам каменныя крыжы заклiкаюць да абуджэння сумлення i здзяйснення добрых спраў. Як повязь зямнога i вечнага. Як знак для нашчадкаў па адраджэннi згубленых духоўных скарбаў.