«Давай, мамка, сiротак возьмем...»
Чым карысны верхнядзвiнскi вопыт
...За чвэрць веку жыцця ў шлюбе Уладзiмiр i Зоя Марачкоўскiя вырасцiлi дваiх дзетак, далi iм пуцёўку ў жыццё. Сын Сяргей выбраў духоўны шлях: стаў навучэнцам Маскоўскай духоўнай семiнарыi. А дачка Святлана ў Кiеве сваю сям’ю стварыла.
Параiлiся Марачкоўскiя i вырашылi ўзяць на выхаванне дзетак з iнтэрната. Так у дзевяцiгадовай Тамары i яе шасцiгадовага брацiка Мiколкi з’явiўся ўтульны i цёплы дом. А зусiм нядаўна да iх далучыўся яшчэ адзiн хлопчык — Дзiма.
...Калi ў супрацоўнiцы Верхнядзвiнскай райбальнiцы Ларысы Шубiнай памёр муж, на ўтрыманнi яе засталося двое дзетак. Нечакана малыя прапанавалi: «Давай, мамка, сiротак з дзiцячага прытулку возьмем».
I ўзялi. Трох сястрычак: чатырохгадовую Святлану, першакласнiцу Кацю i пяцiкласнiцу Галiнку.
У рамках дзяржаўнай праграмы «Дзецi Беларусi» на нашай самай крайняй поўначы, у Верхнядзвiнску, упершыню на Вiцебшчыне адкрылiся два дзiцячыя дамы сямейнага тыпу. Па архiтэктуры яны нагадваюць катэджы. На першым паверсе — гасцёўня, кухня, ванны пакой, кладоўка i спальня для дарослых. А на другiм — сапраўднае «дзiцячае царства».
За кошт бюджэту дамы сямейнага тыпу аснашчаны сучаснай мэбляй, бытавой тэхнiкай, халадзiльнiкамi, пральнымi машынамi, мiкрахвалевымi печамi, пыласосамi. У кожным — тэлевiзар, камп’ютэр, дываны, неабходны посуд, гарачая i халодная вада, цэнтральнае ацяпленне. Побач — прысядзiбны ўчастак i гаспадарчыя прыбудовы.
Вывучаць верхнядзвiнскi вопыт дамоў сямейнага тыпу прыязджаюць з усёй вобласцi.