Для патрэб спажыўцоў
Штогод добра спраўляюцца са сваiмi нялёгкiмi, але такiмi важнымi абавязкамi работнiкi аддзела нарыхтовак Бярэзiнскага спажывецкага таварыства.
Не выключэннем быў i мiнулагоднi нарыхтоўчы сезон. Як расказвае намеснiк дырэктара аддзела Iна Чорная, нарыхтаваная садавiна i агароднiна захоўваецца добра, вытрымлiваецца i асартымент, заяўкi выконваюцца своечасова. У гандлёвых кропках раёна можна набыць i моркву, i бурачкi, i капусту, i цыбулю, i памiдоры.
Ды ў гэтым я ўпэўнiўся, як кажуць, на ўласныя вочы, заглянуўшы ў сельмаг у вёсцы Уша. Уся гароднiна тут ёсць у наяўнасцi, яе з ахвотай набываюць вяскоўцы i прыезджыя пакупнiкi.
Давялося пазнаёмiцца мне i з загадчыцай агароднiннага сховiшча Алай Аўсянскай. Пад яе наглядам шчыруюць у квасiльна-засолачным цэху вопытныя работнiкi Валянцiна Новiкава, Iна Рачынская, Святлана Новiкава i Уладзiмiр Несцяровiч. Яны iмкнуцца, каб асартымент быў больш разнастайным: гатуюць мочаныя яблыкi, квашаную капусту, засольваюць памiдоры. Якасць прадукцыi добрая, аб чым сведчаць удзячныя водгукi спажыўцоў.